АЛЬШЭ́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст.; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», перакладзены на польскую мову, аналагічны тэксту Кракаўскага (на польскай мове) і Румянцаўскага спісаў (гл. Румянцаўскі летапіс). У 19 ст. захоўваўся ў б-цы А.Хамінскага ў маёнтку Альшэва (ад яго і назва) каля Нарачы (Мядзельскі р-н). Датуецца 1550.

У Альшэўскім летапісе пададзена гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да сярэдзіны 15 ст. Найб. падрабязна асветлены перыяд княжання Вітаўта, выкладзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». У канцы летапісу змешчана «хронічка» — збор кароткіх датаваных звестак за 1307—1535. Альшэўскі летапіс — самы ранні пераклад на польскую мову бел.-літ. летапісу. Зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве. Апубл. С.Пташыцкім асобным выданнем (Вільня, 1907) і ў Поўным зборы рус. летапісаў (т. 17, 1907), перавыдадзены М.М.Улашчыкам тамсама (т. 35, 1980).

В.А.Чамярыцкі.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)